Як прайшоў Дзень Волі ў Празе
25-26 сакавіка прайшлі сьвяточныя ўрачыстасьці з нагоды Дня Волі.
25га сакавіка мясцовыя беларусы наведалі Альшанскія могілкі, на якіх пахаваныя старшыні рады БНР Петра Крэчэўскі, Васіль Захарка і беларускі пясьняр Міхась Забэйда-Суміцкі.
Відэа з акцыі:
А 26га сакавіка прайшло ўжо само сьвяткаваньне ў царкве св. Кузьмы і Дзям'яна. Пасля традыцыйнага багаслужэння адбылася афіцыйная часта, якую вёў Сяргей Навумчык. З урачыстай прамовай выступілі Юрка Станкевіч, а таксама былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч.
Рэпартаж з Радыё Свабода:
"Праскія беларусы штогод адзначаюць гадавіну Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Суботняя сьвяточная імпрэза ў гонар Акту 25 сакавіка 1918 г. адбылася ў самым цэнтры чэскай сталіцы, у найстарэйшай праскай царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна пачатку Х ст.
Сьвяткаваньне пачалося з урачыстага набажэнства, у якім узяў удзел грэка-каталіцкі экзарх Чэхіі біскуп Уладыслаў Гучка. Была прачытаная малітва за Беларусь, якую напісаў айцец Леў Гарошка. Падчас набажэнства і пасьля, у сьвецкай частцы імпрэзы, сьпяваў міжпарафіяльны хор «Прасфара» пад кіраўніцтвам Марысі Янушкевіч. Гэта менскі хор, што прыехаў у Прагу адмыслова на сьвяткаваньне Дня Волі.
У сьвяткаваньні прыняў удзел Багдан Данілішын. Гэта экс-міністар эканомікі Ўкраіны з ураду Юліі Цімашэнкі, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У імпрэзе таксама ўдзельнічаў кандыдат на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на апошніх выбарах Аляксей Міхалевіч, які таксама атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Падчас сьвяткаваньня Вячаслаў Ракіцкі прадставіў свой тэлевізійны праект для «Белсату» — «Сьцяна». Гэта 12 фільмаў-маналёгаў удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, якія былі ў той жа вечар кінутыя ў турмы ці аштрафаваныя на вялікую суму грошай.
Імпрэзу вёў намесьнік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Навумчык.
Скончылася яна дзьвюхгадзінным канцэртам аўтара і выканаўцы ўласных песень Яўгена Барышнікава, які адмыслова прыехаў у Прагу на запрашэньне мясцовых беларусаў. Яўген граў ня толькі на гітары, але і на дудзе.
Імпрэза прайшла пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. На ёй сабралася каля ста беларусаў, якія цяпер пражываюць у Чэхіі."
Урывак з выступу Яўгена Барышнікава:
Распавесці


Няма камэнтароў на "Як прайшоў Дзень Волі ў Празе".
Пакінуць новы камэнтар