Вялікі Няўдачнік Вячаслаў Разумовіч-Хмара

lichtar's picture
 

ВЯЛІКІ НЯЎДАЧНІК

Вячаслаў Разумовіч-Хмара
"Грымасы ўсясьветнай вайны". Трылёгія ("Зманлівы сьвет". "Бяз маскі". "Куюцца кайданы", 1930-1937).

 

Пасьля прачытаньня абвінавачаньня старшыня суду абвясьціў мне, што перакладчыкам зь беларускай мовы будзе маёр Ружанцаў (беларускі паэт Алесь Смаленец—М.Шч.), якога я ў 1920 годзе павінен быў арыштаваць паводле загаду за службовую правіннасьць у якасьці камандзіра беларускай роты. Пасьля выступу старшыні я выказаў просьбу, каб мне было дазволена сьведчыць па-расейску, як што ўсе прысутныя разумелі расейскую мову...
Сваю абарончую прамову я пачаў а палове адзінаццатай раніцы і скончыў недзе а чацьвёртай гадзіне дня. Цягам маёй абароны абліччы судзьдзяў пачалі паступова праясьняцца, і ўсе зь відавочнай цікаўнасьцю і зьдзіўленьнем пазіралі на мяне, ня зводзячы зь мяне вачэй...
У момант, калі Клімайціс пачаў казаць, што я ехаў з Прагі ў Варшаву на нараду польскага генэральнага штабу ў справе змовы супраць Літвы, я не ўтрымаўся і рэзка перарваў Клімайціса: “Саромцеся так несумленна брахаць перад вайсковым судом!”... (ч.1, ст.253-255)

 

Думаю, Вячаслаў Разумовіч мог бы быць прататыпам гэткага нясьмешнага Астапа Бэндэр ці Лазіка Райтшванца ў якім-небудзь сацыяльна-крытычным рамане з жыцьця міжваеннай Усходняй Эўропы. Аднак сам сябе ён бачыў як пастаць хутчэй гераічную, таму вырашыў напісаць раман пра сябе сам. Такія кнігі рэдка атрымліваюцца камічнымі—уражаньне сьмешнага ўзьнікае там міжволі, у адваротнай прапорцыі да аўтаравых намаганьняў надаць сваёй кнізе і свайму жыцьцю рысы трагізму і гераізму. Але гэта зусім не азначае, што ў гэтым жыцьці і ў гэтай кнізе няма месца насамрэч трагічнаму і гераічнаму, як, бадай, і ў любым жыцьці—толькі што яно там узьнікае між радкоў, зноў-такі, наперакор уласным аўтаравым мэтам... Ужо гэтым кнігі Разумовіча-Хмары здольныя зацікавіць зь першага погляду ня толькі гісторыка, але і псыхоляга-аматара ад літаратуры.

 1.
Паводле мовы сваіх твораў В.Разумовіч—пісьменьнік расейска-чэскі. Першая частка “Грымасаў усясьветнай вайны” выйшла ў Празе ў 1930 годзе ў чэскім перакладзе, зробленым паводле расейскага арыгіналу (наўрад-ці кніга выдавалася і па-расейску, прынамсі, сам аўтар пра гэта ня згадвае); другая, у 1935 у Брно, напісаная ўжо па-чэску (Разумовіч жыў у Чэхіі зь некалькімі перапынкамі з 1924 году і лічыў яе сваім другім домам пасьля Літвы); трэцюю зноў перакладае з расейскага арыгіналу сябра Разумовіча, украінскі пісьменьнік В.М.Несьцярэнка, аўтар хутчэй за ўсё згубленай мэмуарнай кнігі “Забытыя магілы” пра Галіпольскае “сядзеньне” рэштак Урангелеўскай арміі. Беларускай пары жыцьця і дзейнасьці Разумовіча датычыцца перадусім расейскамоўная першая частка, тым часам як у чэскамоўнай частцы ён усё яшчэ падпісваецца “беларускім атаманам”, але вызнае ідэалёгію тыповага рускага белаэмігранта-панславіста, хаця і ў спалучэньні са збольшага дэмакратычнымі перакананьнямі. У першай частцы, арыентаванай хутчэй на расейскую эміграцыю, мы бачым яго заўзятым антысаветычкам; у другой, прызначанай хутчэй чэскай публіцы, ён выяўляе сябе перадусім як антыфашыст, аднак гэты антыфашызм паходзіць хутчэй з расейскага патрыятызму: ухваленьне непераможнасьці вялікай Расеі часам даходзіць ажно да ўхваленьня Сталіна як “вялікага рэфарматара”. (Цікава, што адзін з аргумэнтаў на карысьць Савецкай Расеі гучыць наступным чынам: “Савецкая ўлада дала ўсім народам сапраўдную культурную аўтаномію. Там, дзе быў агромністы недахоп школ (Беларусь), сёньня ў народа ўдосталь самых розных школ. Там, дзе было 80% непісьменных, сёньня ня ведаюць, што такое няграматны чалавек. Хіба гэта не прагрэс асьветы, калі параўнаць з Польшчай, дзе пазачынялі беларускія і ўкраінскія нацыянальныя школы?”—ч.2, ст.103). Пры гэтым яшчэ ў 1924 годзе Разумовіч выступаў супраць перадачы паўнамоцтваў БНР ураду БССР... Цяжка сказаць, наколькі гэтая зьмена поглядаў была сапраўднай эвалюцыяй, а не звычайнай рэакцыяй на зьмены палітычнай сытуацыі, і перадусім—на зьмену настрояў у тым бязрадным і ідэйна дэградуючым да фашызму, адарваным ад рэчаіснасьці на радзіме эмігранцкім асяродзьдзі, у якім варочаўся Разумовіч у Чэхіі, Бэрліне і Парыжы ў 1931-1935 гг. Як бы там ні было, камуністычная сымболіка зьяўляецца на вокладках ягоных кніг з 1935 году—на першым выданьні першай часткі (1930 г.) усялякі намёк на яе адсутнічае. Затое ў “выпраўленым” перавыданьні з 1938 году з тэксту зьнікаюць некаторыя пасажы, як напрыклад гэты: “Пра мяне ўжо ў 1923 г. часопіс “Савецкая Беларусь” пісаў: “Новасьпечанага белагвардзейца В.Разумовіча-Хмару чакае той жа лёс, як і яго братоў-белагвардзейцаў... тысячы якіх зьнішчаныя рэвалюцыйным народам СССР”. (ч.1, выд.1, ст. 159).
 
Узьнікаюць нават сумневы, ці ня выдаюцца кнігі Разумовіча наўпрост за грошы сталінскай Расеі, калі ўлічыць мноства ўтрыманай там прарасейскай агітацыі? Але гэтая агітацыя, трэба сказаць, зусім не здаецца такой аднабаковай, каб Саветы плацілі за яе грошы. “Я глыбока веру разам зь любімым прэзыдэнтам і вялікім чалавекам, Т.Г.Масарыкам, што праўда заўжды перамагае і яе значаньне выйдзе на паверхню раней ці пазьней, хай супраць яе чыніцца які заўгодна гвалт. –Ці падабаецца мне рэжым савецкай улады ў Расеі? –Не! Але пасьля ўсяго, што я бачыў і перажыў з часоў вайны да сёньня, я перакананы, што яна не такая і дрэнная, як хацелі б тыя, хто сёньня хоча ўладарыць над рускім народам...” (ч.2, ст.8) Расейскі патрыёт Разумовіч прарочыць Эўропе ўратаваньне ад фашызму з Расеі—і ў прынцыпе не памыляецца (хаця ягоныя прароцтвы пра будучы хаўрус гітлераўскай Нямеччыны і Польшчы супраць Расеі даюць яскравы прыклад ягонай палітычнай “празарлівасьці”)... “Што да самой Расеі, Розэнберг і ягоны патрон Гітлер Дольфі памыляюцца. Расея сама пераможа камуністычную утопію, гэта пытаньне яшчэ аднаго-двух пакаленьняў. Дзеці бальшавікоў, удзельнікаў грамадзянскай вайны, ужо сёньня глядзяць на сьвет іначай: не вачыма рэвалюцыянэраў, а вачыма новасьпечаных буржуа.” (ч.2, ст.250).
Твор ня ёсьць аднародным ня толькі паводле мовы ці палітычных перакананьняў, але й паводле стылю і структуры. Гэтак, другая частка зусім ня ёсьць працягам першай, як сьцьвярджае сам аўтар—яна ёсьць хутчэй лірычна-публіцыстычнай варыяцыяй на тэму ўласнага жыцьця, дзе крыху зь іншай пэрспэктывы падаюцца тыя самыя падзеі, што і ў першай частцы, прычым аўтар, як і кожны сапраўдны графаман, не эканоміць ні паперы, ні часу чытача (кожная з трох частак “трылёгіі” мае 200-300 старонак). Першая частка, бадай, найбольш цікавая інфармацыйна, нагадвае сухі вайсковы рапарт—відаць, што яна пісалася хутка, па яшчэ гарачых сьлядох падзеяў, адсюль неахайнасьці ў ейнай структуры: процьма непатрэбных падрабязнасьцяў, паўтораў, храналягічных непасьлядоўнасьцяў і г.д. Відавочна, што ў час яе стварэньня аўтар калі і лічыў сябе пісьменьнікам (што малаверагодна), дык зусім ня меў уяўленьня пра сутнасьць гэтага рамяства—але наяўнасьць тых жа рысаў у другой частцы ня сьведчыць аб вялікім прагрэсе ў гэтым накірунку. У любым выпадку, называць гэты твор “раманам” ня варта—гэта чыста рэклямны ход выдаўца, гэтаксама, зрэшты, як і карыстаньне тытулам “атаман” (папросту за няйменьнем высокага вайсковага рангу—дакладную запіску прадстаўніку Літвы ў Нямеччыне ён падпісвае як “старэйшы лейтэнант Літоўскага войска”).
 
Наагул, Разумовіч перадусім—бізнэсовец па волі лёсу, а не па духу, і тым больш не па выніках. З пачатку 1930-х гг. у Чэхіі пісаньне і публікацыя ўспамінаў стала для яго новай сфэрай прадпрымальніцтва: “Пасьля вяртаньня дадому я загадаў паслаць у Аламоўц 80 сваіх кніг, столькі ж у Пржэраў, 80 у Брно, а 100 кніг я напіхаў у валізу і выдаўся па краіне іх прадаваць. Калі гэта ня выйдзе, буду пазычаць... У Аламоўцы сябра “лігі” спадар Р.Рж. пазычыў мне за 80 кніг ажно 150 крон! Пасьля майго вяртаньня з Парыжу ён пасьля доўгіх пакутаў (маіх!) вярнуў мне шэсьцьдзесят кніг.” (ч.2, ст.190-191). Выглядае, што гэты сумны досьвед нечаму яго навучыў: на вокладцы перавыданьня першай часткі “Грымасаў” сабраныя ўхвальныя і насамрэч некрытычныя водгукі мэра горада Брно, чыноўнікаў ад адукацыі, рэдактара мясцовай газэты, кіраўніцтва ўнівэрсітэцкай бібліятэкі... У канцы выданьня чытаем: “Пытайцеся ў кнігапрадаўцоў альбо непасрэдна ў аўтара: В.Разумовіч-Хмара, у Брно-ІІ, Жабовржэска вул.5. Рускі аўтар дзякуе вам за ўвагу і за рэкамэндацыі ягонай кнігі вашым знаёмым”... Адзін з асобнікаў другой часткі, прысьвечанай “гераічным чэхаславацкім легіянэрам”, Разумовіч перадае (наўрад ці асабіста) з аўтографам самому прэзыдэнту Масарыку (кніга захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі ў Празе). Аўтарам зроблены магчымы ў той час і ў ягоным становішчы максімум для прыцягненьня цікавасьці да сваёй асобы і свайго твору, улучна з ілюстрацыямі падзеяў эпохі (у першым выданьні іх няма)—фатаздымкамі палітычных і вайсковых дзеячоў, дакумэнтаў, да якіх Разумовіч збольшага мае чыста ўскоснае дачыненьне... Тое ж самае тычыцца і мала адпаведнай зьместу трылёгіі пампэзнай назвы. Зрэшты, гэта прынесла, відаць, нейкі плён, аднак зь сёньняшняга гледзішча такая самарэкляма выглядае ня проста камічна, а нават як прыніжэньне—хай не для бізнэсоўца і эмігранта, але для “атамана” і для пісьменьніка. Насамрэч, як мы ўбачым далей, на працягу жыцьця Разумовіч не ўсьведамляў асаблівай розьніцы між прадпрымальніцтвам і жабраваньнем.
 
2.
Ці ёсьць дакумэнтальная проза Разумовіча, што называецца, даставернай? Думаю, што ў прынцыпе Разумовічу можна давяраць, хаця і варта часам правяраць. Прынамсі, параўнаньне ягоных вэрсіяў падзей, пададзеных у тэкстах з розных часоў, дае падставы для такога даверу. Факты ён насамрэч перадае суха, зь нецікавай часам скрупулёзнасьцю. Відаць, што аўтар успрымае пісаньне ўспамінаў як працяг выкананьня свайго грамадзянскага абавязку—таму, магчыма, першая частка настолькі і нагадвае вайсковы рапарт. Менавіта таму яна цікавейшая, бо якраз у другой частцы аўтар адступаецца ад чыстай перадачы фактаў і пачынае ўдавацца ў лірыку (успаміны пра дзяцінства) і публіцыстыку (развагі пра гісторыю і сусьветны палітычны лад, прычым ягонае веданьне палітыкі і гістарычных фактаў пакідае жадаць лепшага). Відавочна, што хутчэй чым пісьменьнікам ці публіцыстам ён мог бы стацца журналістам (сёньня, несумненна, ён быў бы гэткім “ідэальным блогерам”)—мог бы, але ня стаўся... “Часопісы тады адрынулі мае артыкулы, бо не маглі паверыць у сумную праўду і абвяшчалі іх тэндэнцыйнымі альбо рамантычнымі”. (ч.2, ст.244).
 
Праблема тут, аднак, не ў аўтаравым стылі перадачы фактаў, а ў тым, што самі па сабе гэтыя факты збольшага не настолькі цікавыя з сучаснага гледзішча, каб заслугоўваць гэткай дакладнае перадачы...
Але для аўтара гэта не галоўнае. Для яго галоўнае—Праўда, ці, прынамсі, тое, што ёсьць праўдай у ягоным разуменьні. “І ўсё-ткі мая праца ня мае іншай мэты, як толькі сказаць і даказаць, як што было, ня ставячы сябе на першы плян і не даруючы сабе нічога. А падзеі, пра якія я пішу, ёсьць настолькі важнымі для чэхаў і настолькі займальнымі, што мая кніга ёсьць адзіным жывым раманам, часам горкім, бурлівым і кранальным.” (ч.2, ст.8—“Аўтар пра сябе”). Наколькі гэтая вера аўтара была справядлівай, і наколькі яму ўдалося даказаць сваю рацыю астатнім? Практычная невядомасьць Разумовіча сёньня можа сама па сабе быць адказам... А можа і ня быць.
 
Галоўная вартасьць аўтара—ягоная насамрэч фэнамэнальная, дэталёвая памяць (наколькі памяць наагул можа быць дакладнай і абыйсьціся без падфарбовак). Бадай, менавіта гэтая памяць пра мінуўшчыну ёсьць для Разумовіча найбольш каштоўным у ягонай сучаснасьці: ён востра ўсьведамляе хуткае мінаньне свайго жыцьця і спрабуе ўтрымаць яго на паперы ва ўсіх дэталях. “Але гэта ўжо было некалькі год таму, у наш час жывецца хутка, і таму хутка забываецца”. (ч.2, ст.223). Калі б кніга была фікцыяй, уласьцівае ёй замаруджваньне часу на дробязях было б папросту недаравальным. Але паколькі гэта дакумэнт, каштоўнасьць дробязяў робіцца з часам неацэннай. Менавіта з банальных побытавых сытуацый, якія зь сярэднетэрміновай пэрспэктывы здаюцца камічнымі, складаецца жывая гісторыя—менавіта таму яна набывае каштоўнасьць у пэрспэктыве доўгатэрміновай, калі асоба аўтара пачынае ўспрымацца як займеньнік для ўсіх астатніх асобаў свайго часу, расплываецца ў агульнай карціне эпохі. Гэтая асоба, па сутнасьці, і ёсьць эпохай.
Такім чынам, Разумовічу безумоўна можна верыць у тым, што ёсьць у кнізе найбольш каштоўным—у дробязях. Неабавязкова, наадварот, паддавацца ягоным ацэнкам самога сябе ці пагаджацца зь імі. Насамрэч, аўтар, насуперак сваім дэклярацыям, надзвычай некрытычна ставіцца да сябе, таму ствараецца ўражаньне, што ён увесь час нібыта апраўдваецца. Невядома толькі, перад кім. Магчыма, перад самім сабой? 
Чытаць далей
 

Макс Шчур

 

1 comment for "Вялікі Няўдачнік Вячаслаў Разумовіч-Хмара".

1. Вельмі цікавы нарыс, а сам

Вельмі цікавы нарыс, а сам персанаж цягне на ролю ў якім-небудзь рамане пра авантурыстаў і прахадзімцаў і проста разгубленых людзей у віры падзей 1920-1930х у нашых краях.

Пакінуць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong> <embed> <object>
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Use to create page breaks.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматаваньня

Абарона ад спама
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
-