Шумава
У мінулую сераду ў Чэхіі адзначалася свята барацьбы за свабоду ды незалежнасць. Да таго ж у Лідлу можна было купіць квіток на чыгунку на цэлы дзень за 200 крон (даволі неблагі кошт). Усё гэта стварыла цудоўную нагоду для таго, каб уцекчы кудысьці на прыроду далёка ад метраполіі з ейнаю мітуснёю ды штодзённасцю.
З сябрамі дамовіліся, што сустрэнемся а 5-й раніцы на чыгуначным вакзале, а там усе разам вырашым куды паехаць.
Калі мы ўсе сабраліся я галасаваў за дымячыяся балаты, што на Хебшчыне. Большасць аднак прагаласавала за ваколіцы Жалезнай Руды (мястэчка на чэшска-нямецкай мяжы) на Шумаве. Туды й паехалі.
Ехалі мы туды гадзіны 4. Калі прыехалі, то спачатку былі трошку змрочаны, бо стаяў густы туман, праз які небыло нічога бачна. Але паступова журбота адступіла, і мне нават пачала падабацца гэтая інтымная казачная атмасфера, якую ствараў туман.
Цэлы дзень, пакуль не прыйшоў змрок, мы правялі блукаючы па тумане, з якога ўвесь час паўставала нешта цікавае (Чортава возера, Чорнае возера (самае глыбокае ды вялікае ў Чэхіі), самы высокі на Шумаве вадаспад на Белым патоку, фантастычныя сілуэты дрэваў ды валуноў).
Акурат калі зайшло сонейка мы дайшлі да станцыі, каб ехаць назад у Прагу. Нягледзячы на бязлюднасць на станцыі існаваў нейкі ўласны своеасаблівы свет. Паўсюль стаялі старыя вагоны, якія ўжо адкаталі за сваё жыццё шмат тысячаў кіламетраў. У змрочным святле ліхтароў здавалася нібыта яны сабраліся ад’ехаць ў свой апошні шлях (скажам каб уцякчы ад атамнай вайны, атмасферу якой стваралі тыя старыя ліхтары).
У Прагу мы ехалі праз Жалезную Руду, Клатавы ды Плзень.
Жалезная Руда ўначы выглядае бы той Лас-Вегас, уся ў неонавым святле. Паўсюдна рэстаўрацыі, бардэлі, казіно. Ўсё арыентавана на немцаў, якія (мусіць з-за таннага піва і дзяўчат) прыязджаюць сюды праз мяжу каб адпачыць.
Вось едзем у Прагу. А Шумава расчыняецца ў памяці бы туман які расчыняецца на Шумаве.
Ізноў вяртаемся да штодзённасці, шуму машын, натоўпу людзей, мітусні…. метраполіі.
Зьміцер Кожух
Распавесці


Няма камэнтароў на "Шумава".
Пакінуць новы камэнтар