Прыгажосьць у суворым горадзе
Ostrava!!! Назва гораду і тры клічнікі – так выглядае лягатып трэцяга па колькасьці насельніцтва горада ў Чэхіі. Чытаць гэта вядома можна з рознай інтанацыяй, але наўрад-ці, як вокліч захапленьня незвычайнай прыгажосьцю. Астрава – горад суворы, зь іншага боку, а якім яшчэ быць гораду, што афіцыйна ўзнік толькі ў 1924 годзе, калі былі аб’яднаныя пяць мястэчак, у навакольлі якіх на той час ужо стагодзьдзе здабываўся вугаль.
Шахтарскі горад ня мае такога гістарычнага цэнтру, як напрыклад недалёкі Аламоўц, але свае астраўскія Градчаны тут ёсьць: комплекс з шахтаў, металургічных печаў у Віткавіцах, што занесены у сьпіс культурнай спадчыны Эўразьвязу. Індустыяльная архітэктура канца 19 ст. нагадвае аб магутнай эпосе вугалю і сталі.
Але беларусаў найбольш цікавіць у гэтыя дні, тое што адбываецца праз дарогу ад віткавіцкіх заводаў на астраўскай ČEZ арэне. Тут беларуская жаночая сборная па баскетболе ўпершыню гуляе на чэмпіянаце сьвету.
Нельга сказаць, каб гэтая падзея вітала ў паветры горада, рэклямы чэмпіянату ў Астраве не было амаль відаць. Вось напрыклад плякат на вакзале з аднаго боку есьць, а з другога убачыць яго зможа ня кожны.
Адпавядала гэтаму і колькасьць гледачоў на трыбунах. Але быў у гэтым і плюс, бо можна было набыць самы танны квіток на верхнія рады і сядзець без праблем на першых. Да таго ж нішто не магло заглушыць некалькі дзясяткаў беларускіх заўзятараў, хоць чэхі чамусьці ў большасьці сваёй у пятніцу падтрымлівалі суперніц беларусак чэмпіёнак сьвету аўстраліек. Апошнім беларускі ў стылёвых сукенках прайгралі, але на наступны дзень выйгралі ў канадак і прайшлі у наступны этап.
Гульня з аўстралійкамі
Гульня з канадкамі
Заўзелі за сваіх баскетбалістак беларусы пад рознымі сцягамі але з аднолькавым імпэтам. (Высьветлілася, што ў заўзеньня у жаночым баскетболе ёсьць свая спецыфіка. Так скандаваньне “Бе-ла-русь” падчас атакі, хутчэй зьбівае нашых дзяўчат, таму ў нядзелю заўзятары пад руку нашым не крычалі, скандуючы толькі тады калі беларускі абараняліся, што станоўча сказалася на выніку).
Пасьля перамогі над канадкамі беларускія баскетбалісткі падыйшлі да сваіх знаёмых і родных на трыбунах, не адмовіўшыся даць аўтографы і сватаграфавацца і з простымі заўзятарамі.
Сборная Беларусі на другім этапе згуляе ў Астраве тры матчы: у панядзелак 28-га верасьня ў 18-00 з Францыяй, у аўторак 29-га ў 20-15 з ЗША і ў сераду 30-га ў 15-15 з Грэцыяй. Пасьля каманды пераедуць у Карлавы Вары, дзе 1-3 кастрычніка адбудуцца чвэрцьфіналы, фіналы і фінал, а таскама гульні за 9-12 месцы. Расклад і квіткі тут.
Распавесці


2 comments for "Прыгажосьць у суворым горадзе".
1. А, крута, дзякуй за рэпорт!
Дата: нядз, 09/26/2010 - 22:58
А, крута, дзякуй за рэпорт! Была некалі ў Астраве на адзін дзень. Шахцёрскі горад, трохі змрочны зза заводаў, але можа ў гэтым і ягоная таямнічая прэлесьць:).
Ну і вы малайцы што пазаўзелі за нашых!:)
гару, пакуль электрычнасьць не скончыцца.
2. Астрава - горад суворы
Дата: пан, 09/27/2010 - 09:03
Астрава - горад суворы (працяжнік забыліся :)
Пакінуць новы камэнтар