Прага 1920-х гг. вачыма беларускага студэнта-разьдзяўбая. Частка ІІ.
lichtar | 18-04-2010
3.
"Кожны ранак, калі яшчэ інтэрнат спаў і ў пакоях было цёмна, ён уставаў, мыўся, апранаўся і выходзіў на вуліцу. Прага ўжо шумела. Працоўная Прага ўставала вельмі рана. Па вуліцах валіла шумная армія чыноўнікаў, работнікаў і вайсковых" (ст. 161).
Апісаньню самой па сабе вучобы ўва ўнівэрсытэце адводзіцца ў рамане ня так і шмат месца - хутчэй за ўсё, прататып Тугоўскага, кім бы ён ні быў, належаў да той катэгорыі беларускіх студэнтаў, якія не настолькі высока цанілі магчымасьці, дадзеныя ім тагачаснай, з дазволу сказаць, "праграмай Каліноўскага".
<!--break-->
"У 7 гадзін зімой першая лекцыя чытаецца яшчэ пры электрычным асвятленні. Тугоўскі хадзіў на яе акуратна, з сістэматычнасцю з’яўляўшагася на ранняе набажэнства, але з кожным днём усё больш адчуваў расчараванне. Прафесары не давалі яму таго, што ён ад іх чакаў. Асабліва не падабаўся яму адзін прафесар народнай гаспадаркі, або палітычнай эканоміі. Ён увесь блішчэў: блішчэлі яго залатыя зубы, блішчэў новенькі касцюм, блішчэла залатая брошка ў гальштуку, блішчэлі лакіркі, блішчэла залатое пяро ў вечнай абсадцы, блішчэлі яго жоўтыя рукавічкі, калі ён выходзіў на вуліцу" (ст. 162).

Будынак Палітэхнікі на Карлавай плошчы
Аднак і тут не бракуе цікавых зацемак, якія набліжаюць да нас псыхалёгію тагачаснага беларускага студэнта, што традыцыйна пачувае сябе чужым сярод мясцовае моладзі:
"Больш усяго бестурботнымі і легкадумнымі здаваліся чэхі. У параўнанні з задуменнымі, сур’ёзнымі эмігрантамі яны выглядалі проста дзяцьмі. Беларусы з чырвонымі вясковымі тварамі, маладыя і вясёлыя, глядзелі на ўсё з адкрытымі ратамі, як вясковыя бабы на дзіва. Яны ўсё прымалі радасна, без задніх думак, яшчэ ні ў чым не расчараваныя, як дзеці, якія спакойна глядзяць на вагонь і не ведаюць, што гэты вагонь іх апаліць. Тугоўскі падумаў: «Як добра быць такім радасным, незадумным чалавекам, прыймаючы свет такім, якім ён ёсць». Ён быў іншым" (ст. 162).
Як і ўва ўсе часы і ўва ўсіх краінах, у праскага студэнцтва таксама маецца свой спэцыфічны "фальклёр", які таксама знайшоў адлюстраваньне ў рамане:
"Э, здаць лёгка, — казаў Жук, — прафесару толькі трэба казаць усё дрэннае пра вераб’я. Трэба казаць, што ён самы найгоршы шкоднік з усіх птушак на свеце, што вераб’я трэба нішчыць як шкодніка — і ўсё будзе добра. Прафесар вам скажа, што вельмі добра ведаеце заалогію.
— Чаму ён так нападае на вераб’я? — дзівіліся ўсе.
— Таму, што калісьці прафесар зрабіў вельмі каштоўны прэпарат, паклаў на вакно, расчыніў. Заняты працай, ён не заўважыў, як верабей-злодзей падляцеў да прэпарату, схапіў яго і панёс да сваіх вясёлых сяброў… Калі прафесар схапіўся, вераб’я ўжо не было. Бедны стары бегаў па пакоі і ледзь не рваў на сабе валасы. З той пары няма больш шкоднай птушкі, як верабей.
— Здорава, — засмяяўся Тамашэвіч, — у кожнага прафесара сваё" (ст. 203).
Дарэчы, пра "здорава" - тэма мэдычнага абслугоўваньня таксама паўстае ў рамане. Адносна высокую сьмяротнасьць сярод маладых беларусаў аўтар тлумачыць ня толькі аб'ектыўнымі, але й суб'ектыўнымі чыньнікамі:
"Усе ведалі, што Прага — адзін з самых найвялікшых еўрапейскіх цэнтраў па смяротнасці ад туберкулёзу, але ніхто не звяртаў увагі на сваё здароўе. Арганізмы ўва ўсіх слабелі, марнелі: усё ж такі неміласэрна займаліся працай" (ст. 204).
Гэты пасаж раману відавочна састарэў (дзе цяпер знойдзеш такіх працавітых студэнтаў?), а вось апісаньне стаўленьня гэткага "доктара Dolittle'а" да маладога беларускага студыёзуса гучыць, як на маю думку, ажно залішне сучасна:
"Гэта ведаеце ад чаго? Ад нерваў. Вы студэнт? Так. Ну дык вось, колькі мне ні прыходзілася бачыць, дык у гэтых эмігрантаў-студэнтаў страшэнна расшатаныя нервы. Хочаце, нараблю вам гэтых плям па ўсяму целу? — Ён пачаў рукой рабіць плямы, і яны сапраўды былі вельмі падобныя да толькі што высыпаўшых. — Я вам магу напісаць цэлае прозвішча, — сказаў доктар і сапраўды нешта напісаў пазногцем на скуры. — Гэта не сіфіліс. І чаму вам улезла ў галаву, што ў вас можа быць другая стадыя? А першая стадыя ў вас была? У вас быў які-небудзь нарыў, які-небудзь прышч?" (ст. 239).
Цікава, што Studentský zdravotní ústav (у вольным перакладзе - "Установа па ахове здароўя студэнтаў") быў заснаваны ў 1921 годзе й да 1923 году мясьціўся ў Студэнцкім доме на Альбэртаве, у вуліцы На Слупі (менавіта там быў інтэрнат, дзе жылі беларусы), пасьля чаго пераехаў у так званую Стракаву акадэмію, дзе дзейнічаў да 1938 году. Цяпер будынак Стракавай акадэміі вядомы ў Чэхіі ўсім, бо ў ім знаходзіцца рэзыдэнцыя чэскага ўраду. Менавіта там магла адбывацца вышэйцытаваная размова Тугоўскага з вэнэролягам.

Стракава Акадэмія
Да згаданых у рамане будынкаў, якія захаваліся да сёньня, належыць, напрыклад, былая "Акадэмічная кавярня":
"Ён (Загорскі - М.Шч.) павёў яе ў самы лепшы рэстаран, нядаўна адчынены на шумнай пражскай Водзічкавай вуліцы, — так званую «Акадэміцкую кавярну». Тут было вельмі шумна і прыемна" (ст. 142)

Макдональдз
І цяпер у гэтай "кавярні" вельмі шумна й некаторым нават прыемна - у ейным колішнім памяшканьні знаходзіцца рэстарацыя Макдональдз. Не бракуе ў рамане і апісаньняў абавязковых турыстычных месцаў Прагі, такіх як Вышаград, куды і сёньня з задавальненьнем завітваюць ня толькі беларусы:
"Загорскі вадзіў яе па Празе, паказваючы ёй усе выдатныя помнікі гэтага прыгожага гістарычнага места. На кожным кроку, на кожным мосце, на кожным доме, на кожным муры яны бачылі статуі, крыжы, подпісы ці таблічкі аб якіх-небудзь гістарычных падзеях. Часцей усяго ў сонечныя прыгожыя дні яны спыняліся на высокіх валах Пражскай крэпасці — Вышаградзе. Адтуль адчыняўся прыгожы від на Прагу. Людзі ўнізе здаваліся маленькімі паўзунамі-мурашкамі.
З другога боку валу ішлі скалы, на вышыні якіх, быццам гнёзды нейкага арла, стаялі старыя капліцы. Унізе праз тунель у скалах ляцеў трамвай, а далей серабрыстай стужкай звівалася шырокая Влтава — прыток Эльбы, альбо Лабы, сціснутая каменнымі прыгожымі набярэжнымі. За Влтавай раскідалася рабочае прадмесце Сміхаў дымячыміся комінамі сваіх фабрык і заводаў, з шумам і звонам ламавых фурманаў і аўто.
...У сярэднія вякі чэшскі кароль Отакар быў пасаджаны ў гэты замак сваімі ворагамі. Але адзін раз уначы дзякуючы вернай варце ён выбраўся з турмы і на белым кані адважыўся скокнуць з гэтай скалы проста ў Влтаву. Адважны кароль выплыў і на другім беразе голасна засмяяўся. Вось чаму тую частку і назвалі Сміхаў. Нядаўна чэхі захацелі зфільмаваць гэтую сцэну для кіно, але не знайшлося такога адважнага" (ст. 143).
Аднак жыцьцё беларускіх студэнтаў праходзіла ня толькі на Празе 2, у Новым месьце - наведвалі яны й "самую турыстычную" сёньня гістарычную частку, Стары горад:
“Бывалі мінуты, калі яны хацелі заставацца ў інтымнай блізкасці, тады яны падымаліся на высокую гару ў прыгожы парк з лавамі, з цяністымі стаўкамі, са скаламі, з якіх выцякала вада. Яны падымаліся ў частку Прагі, названую Градчаны, мейсца рэзідэнцыі чэшскіх каралёў, а зараз прэзідэнта рэспублікі Масарыка, падымаліся па сходах, якім, здавалася, ніколі не будзе канца.
…А ступенькам не было канца. І яны абодва смяяліся… Яны нарэшце падымаліся на Градчанскую гару і адтуль глядзелі, як зачараваныя, уніз. Уся велізарная Прага ляжала перад імі, як на далоні. Дзве пакатыя гары, паміж якімі знаходзілася места, зелянелі кучаравымі кудрамі маладога лесу. Велізарная калона фабрык і заводаў здавалася гіганцкімі папяросамі, якія завалаквалі сіняе неба густым дымам. Дым стаяў над Прагай густой шэрай хмарай, засланяўшай сонца, і часам здавалася, што з гэтай хмары будзе ляцець не сажа, а дождж. Пасярэдзіне ўсяго гэтага малюнку звівалася сіняя стужка Влтавы з папярэднімі шэрымі палоскамі мастоў, па якой поўзалі, як жукі, параходы" (ст. 144).

Распавесці


4 comments for "Прага 1920-х гг. вачыма беларускага студэнта-разьдзяўбая. Частка ІІ.".
1. Цікава артыкул, але вельмі
Дата: пан, 04/19/2010 - 19:03
Цікава артыкул, але вельмі доўгі. Думаю ні ў каго не хопіць цярпення чытаць усё.
Аўтару трэба пісаць карацей, каб народ увогулле пачаў чытаць.
Цяперашняму студэнту-беларусу, які жыве па за Радзімай, таксама не салодка, бачна такая яго доля :(
2. А мне здаецца, аўтар слушна
Дата: пан, 04/19/2010 - 19:20
А мне здаецца, аўтар слушна робіць, што піша "доўга". Сам я не аматар вялікіх па даўжыні тэкстаў, але мяркую, што ў наш час, калі кожны публіцыст вымушаны "разжоўваць" для аўдыторыі і ствараць папулярныя тэксты, добра, што хоць хтосці піша для вечнасці і стварае вялікую літаратуру, як гэта робіць Максім Шчур.
3. Вялікі дзякуй Макс, сапраўды
Дата: аўт, 04/20/2010 - 00:23
Вялікі дзякуй Макс, сапраўды дужа цікавыя занатоўкі.
P.S. Дарэчы цікава ці напіша хто пра сёньняшняе жыцьцё грамады ў Празе, ды так каб праз сто год нашчадкі пачыталі...
4. 2Ігар: як па мне, то ў
Дата: аўт, 06/01/2010 - 15:32
2Ігар: як па мне, то ў інтэрнеце якраз не хапае доўгіх і зьмястоўных нарысаў, "часопіснага фармату". Так што вялікі дзякуй аўтару.
Пакінуць новы камэнтар