Прага 1920-х гг. вачыма беларускага студэнта-разьдзяўбая. Частка І.

lichtar's picture
 

 1.

 Да нядаўняга часу імя беларускага пісьменьніка Віктара Вальтара (15.07.1902-4.04.1931) было практычна невядомае шырокаму колу чытачоў. З публікацыяй ягонага раману «Роджаныя пад Сатурнам» («Дзеяслоў», 2005 г.) і выхадам ягоных «Выбраных твораў» («Беларускі кнігазбор», 2009 г.) ён, хацелася б спадзявацца, зойме годнае месца сярод клясыкаў беларускай літаратуры першай паловы ХХ-га стагодзьдзя. Зрэшты, пра значнасьць Вальтара як пісьменьніка кожны можа меркаваць сам - нас жа тут цікавяць перадусім акалічнасьці чатырох праскіх гадоў (1922-1926) ягонага жыцьця.

 

Віктар Вальтар нарадзіўся пад Дзьвінскам (Даўгаўпілсам) у 1902 годзе, у часе першай усясьветнай вайны быў эвакуяваны ў Харкаў, у 1921 г. вярнуўся на радзіму й скончыў расейскую гімназію ў Дзьвінску. У 1922 г. паводле рэкамэндацыі дырэктара тамтэйшай беларускай гімназіі Івана Ігнатавіча Краскоўскага ён атрымаў стыпэндыю чэхаславацкай дзяржавы на навучаньне ў Празе (паводле дамоўленасьці між Чэхаславаччынай і ўрадам БНР) і паступіў вучыцца на інжынэра ў Чэскую вышэйшую тэхнічную вучэльню (České vysoké učení technické, ČVUT, вядомае пад такім скаротам і сёньня - тагачасныя студэнты называлі яго «тэхнікай» ці «палітэхнікай»). Празь некалькі гадоў, не давучыўшыся (хутчэй за ўсё, паводле стану здароўя), Вальтар вяртаецца на радзіму - у Латвію, дзе да самай сьмерці ад сухотаў выкладае ў беларускіх школах у Плейках, Келаве, Дзьвінску, Рызе, паралельна працуючы над сваёй (шмат у чым аўтабіяграфічнай) кнігай. Твор, які ёсьць падставы лічыць першым закончаным беларускім раманам, захаваўся ў рукапісе ў архівах Літоўскай Акадэміі навук у Вільні й быў адшуканы прафэсарам А.Мальдзісам, а ўпершыню апублікаваны С.Панізьнікам у газэце «Голас радзімы» на пачатку 1990-х гг.
 
 Менавіта жыцьцё беларускіх студэнтаў у Празе (да якіх у другой палове 20-х гг. належалі, апрача Вальтара, такія выбітныя пастаці, як паэт Уладзімер Жылка ці палітык Тамаш Грыб) зьяўляецца дакумэнтальным падмуркам раману. Аўтарам публікацыі «Выбраных твораў» С.Панізьніку й М.Казлоўскаму ўдалося ўсталяваць тоеснасьць некаторых герояў: гэтак, пад прозьвішчам Тамашэўскі ў рамане выступае сябра Рады БНР Тамаш Грыб, пад прозьвішчам Случанін - Уладзімер Пракулевіч (1887–1938), які прымаў удзел у Слуцкім паўстаньні, займаў розныя пасады ва ўрадзе БНР, а потым вярнуўся ў БССР і быў рэпрэсаваны ў 1930 годзе; пад імем Карусь - Васіль Русак (таксама слуцкі паўстанец, а пазьней баец у партызанскіх аддзелах Разумовіча-Хмары на Беласточчыне, пасьля вайны быў гвалтам вывезены ў СССР, як і Ларыса Геніюш, і хутчэй за ўсё згінуў у сталінскім ГУЛАГу). Некаторыя беларускія грамадзкія дзеячы выступаюць у рамане пад уласнымі ймёнамі, у прыватнасьці - Янка Станкевіч і Пётра Крэчаўскі. Чацьвёрку галоўных герояў утвараюць выразна акрэсьленыя й супрацьпастаўленыя між сабою прадстаўнікі розных палітычна-філязофскіх накірункаў мысьленьня ў беларускім студэнцкім асяродку: ніцшэанец Пётра Тугоўскі, анархіст Кірыла Бурачэўскі, марксістка, "дачка папа й камсамолка" Гэлена Ўладзімераўна Вярхоўская, а таксама вечны прыстасаванец і "безыдэйны русафіл", зьбяднелы беларускі шляхціц Ян Загорскі. Разьвіцьцё стасункаў паміж імі ўтварае галоўную сюжэтную лінію (ці лініі) раману. Каханьне, ідэйныя спрэчкі, папойкі, а часам нават бойкі - усе гэтыя тыповыя для студэнцкіх гадоў падзеі разгортваюцца на фоне шматлікіх палітычных і культурных мерапрыемстваў у асяродку беларускай грамады ў Празе. Мімаходзь адзначым, што шмат у якіх аспэктах, датычных апісаньня эмігранцкага асяродзьдзя, раман Вальтара (трэба, напэўна, дадаць - на жаль) не састарэў і сёньня… 

Няма камэнтароў на "Прага 1920-х гг. вачыма беларускага студэнта-разьдзяўбая. Частка І.".

Пакінуць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong> <embed> <object>
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Use to create page breaks.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматаваньня

Абарона ад спама
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
-