Пра першага беларускага студэнта ў Чэхіі
Хто з нашых землякоў у далёкай мінуласьці першым апынуўся ў Чэхіі? На такое пытаньне не магчыма даць канкрэтны адказ, бо відавочна, што паміж дзвюмя землямі існавалі сувязі, перадусім гандлёвыя. І нашыя купцы яшчэ ў раньнім сярэдневеччы маглі наведваць Прагу, якая была буйным гандлёвым цэнтрам, але іх імёны да нас не дайшлі. Першае ж імя нас адсылае ў другую палову ХІV ст. у часы, калі Вялікае княства Літоўскае, што было ў вачох тагачаснай Эўропы паганскім краем, супрацьстаяла націску Тэўтонскага ордэну.
Гісторыя супрацьстаяньня была доўгая і крывавая, і мелі месца ў ёй як гераічныя учынкі, так і здрада з подласьцю. Адным эпізодаў гэтага змаганьня стаў перабег сына князя Кейстута Бутаўта да крыжакоў у 1365 годзе. Бутаўт, які быў князем драгічынскім, стаў першым з дынастыіі Гедымінавічаў, хто прыняў каталіцкі хрост. Адбылося гэта 25 ліпеня 1365 году ў Кёнігсбергу. Крыжакі разлічвалі выкарастаць Бутаўта, які прыняў новае імя Генрых, для таго каб захапіць літоўскую сталіцу Вільню. І сапраўды Генрых-Бутаўт правёў крыжацкае войска бродамі аж пад віленскія муры, чаго ніколі дагэтуль не здаралася. Крыжакі аднак не змаглі захапіць горад і іх выправа скончылася паразай. Перабежчык стаў Ордэну не патрэбны і Генрых-Бутаўт пакінуў крыжацкія землі.
Сын Кейстута урэшце рэшт знайшоў сабе месца пры двары імператара Сьвятой рымскай імперыі, якім быў у той час чэскі кароль з дынастыі Люксэмбургаў Карл IV. Ад імператара Бутаўт атрымаў тытул герцага і нейкую зямлю ва ўладаньне. Ажно да сьмерці Карла IV ў 1377 годзе, можна было знайсьці Генрыка-Бутаўта сярод сьвіты імпэратара ў Празе, якая была тады сталіцай імпэрыі, у Італіі ці Германіі, як герцага літоўскага (dux Lithwanie) ці нават як караля літвінаў (rex Litwinorum).
Пасьля 1377 нам нічога не вядома пра Бутаўта. Але хронікі паведамляюць пра ягонага сына Войдата, які зьбег у 1381 годзе “ад літвінаў і русінаў” у прускі горад Рызэнбург, адкуль скіраваўся ў Прагу на двор чэскага караля Вацлава IV, рымскага караля і сына Карла IV, каб прыняць хрост. Ёсьць падставы лічыць, што менавіта Войдат, прыняўшы імя Ян, стаў пасьля ў 1401 годзе другім рэктарам адноўленага Ягайлам кракаўскага ўнівэрсітэту. Ян памёр падчас свайго рэктарскага тэрміну. Цікава, што ягоны наступнік, узгадвае аб тым, што Ян “вывучаў тэалёгію ва ўнівэрсітэце”. Верагодна, што ўнівэрсітэтам тым быў унівэрсітэт у Празе. Таму з пэўнай доляй верагоднасьці Яна-Войдата можна лічыць першым вядомым студэнтам зь беларускіх і літоўскіх земляў у Празе.
Распавесці


Няма камэнтароў на "Пра першага беларускага студэнта ў Чэхіі".
Пакінуць новы камэнтар