Навагодні саламяны Павук
Вось і набліжаецца пара Калядных сьвятаў і Новага Году. Як жа ўпрыгожыць дом? Як звычайна - елкай? Але не, не нашая, не беларуская гэта традыцыя, ды й дрэва хай у лесе расьце.
Спрадвеку на Беларусі напярэдадні новага году выраблялі саламяных павукоў. Сабраныя з некалькіх дзесяткаў, а то і сотняў саламяных трубачак, вельмі лёгкія, яны няспынна круціліся пад стольлю і мігцелі фантастычным залацістым узорным бляскам. Саламянага павука мацавалі да столі над сталом у Чырвоным куце - найбольш святочным месцы ў хаце. Стол накрывалі абрусам, і на ім пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком, ля вокнаў ставіліся лаўкі практычна на ўсю даўжыню сцен, а ў куце развешваліся абразы, убраныя вышытымі ручнікамі.
Самай старажытнай формай "павука" з'яўляецца шарападобная. "Павукі" ў форме шара сымбалізавалі сонца, іх выраблялі ў часы паганскіх вераваньняў на вясновы новы год (новы год раней адзначалі ў дзень вясновага раўнадзенства, а потым на Каляды). Не адну тысячу гадоў налічваюць і іншыя формы "павукоў" - рамбічныя і пірамідальныя. Такая іх канструкцыя - павуціньне - сымбалізуе Сусьвет і спарадкаваны космас, а сам павук шанаваўся ў старажытнасьці як стваральнік Сусьвету.

Для вырабу "павука" адбіралі лепшую саломку з апошняга снапа, сабранага з поля. Па вераваньнях нашых продкаў, салома захоўвае ў сабе сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома, а ажурная правільная форма "павука" і яго меладычныя калыханьні гарманізуюць прастору вакол: у павуціне заблытваецца усё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцьця. У канцы года старога павука спальвалі і плялі новы, каб у доме пастаянна панавалі мір і дабрабыт. Саламянага павука падвешвалі і над калысачкай немаўляці так, як цяпер вешаюць каруселькі з плястмасы. Вывешвалі яго і над галовамі маладых падчас вясельля.
Калі ў вас з'явілася жаданне самім зрабіць саламянага павука, вы можаце знайсці апісаньне падрыхтоўкі саломкі і тэхналогію пляцення ў кніжках або ў інтэрнэце, напрыклад тут. Саломку для павука лёгка нарыхтаваць і самім, а калі ў гэтым годзе не пасьпелі - то можаце купіць ў краме з мастацкімі прыладамі або ў інтэрнэт-краме.
А нядаўна ў Празе ў Galerii České spořitelny былі выстаўлены беларускія саламяныя павукі, прывезеныя нашай зямлячкай Настасьсяй Алейнікавай, а разам зь імі - дзьве лямпы, творы Настасьсі, натхнёнай беларускай традыцыяй.
.jpg)
Фота з DesigGuide.cz
Ірына Кудлач
Распавесці


Няма камэнтароў на "Навагодні саламяны Павук".
Пакінуць новы камэнтар