Літаратурны вечар ў Café Sladkovský
Сустрэча зь беларускімі літаратарамі й перакладчыкамі, якую арганізавала "Грамадзянская Беларусь", падавалася, пройдзе ў звычайным “піўным” фармаце. Але, нечакана для мяне, яна аказалася сапраўдным літаратурным вечарам.
Невялічкі пакой кавярні "Sladkovský" сваім інтэр'ерам і атмасферай пераносіў у 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя, пэрыяд Першай Рэспублікі. Менавіта ў тыя часы шматлікія кавярні былі цэнтрам культурнага і літаратурнага жыцьця, пакуль не зьявіўся тэлевізар і інтэрнэт і мы ўсе не пераселі да экранаў. Таму той вечар мяне асабліва ўсхваляваў, бо нагадаў, якую радасьць можа прыносіць мастацтва жывога слова.
Вёў імпрэзу вядомы паэт і літаратар Андрэй Хадановіч, якога для чэхаў тлумачыў багеміст і перакладчык Сяргей Сматрычэнка.
Першай прачытаць свае вершы выйшла пераможца конкурсу беларускага Пэн-цэнтру да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш – Наста Баярскіх, якая піша пад псэўданімам Ася Волкава. Вельмі спадабаўся ейны верш пра Прагу, добрага паэта і дрэннага паэта. А яшчэ пра сны...:
Павіч верыў у тое,
Што людзі могуць
Сустракацца ў снах.
І што сапраўдныя
Лаўцы сноў
Пільнуюць адзін аднаго ўночы.
Мая прапрабабуля
(кажуць, яна была чараўніцай)
Нашаптала мне нейк,
Што ты
Неабачліва пакінуў
Адчыненымі дзверы сваіх сноў.
З таго часу штоноч
Я выбіраюся на дыбачках
У падарожжа,
Каб прычыніць
Гэтыя дзверы.
А раптам нейкі
Іншы лавец
Падпільнуе цябе…
Вядомы перакладчык Сяргей Шупа свае прадставіў свае пераклады твораў Тацяны Громача і Міленка Ергавіча з харвацкай. Адзін з вершаў Тацяны Громачы асабліва закрануў апісаньнем стану безнадзейнасьці і татальнай абыякавасьці. Быццам бы яна Беларусь апісвала, а не пасьляваенную Харватыю. Між іншым, хутка мусіць выйсьці балканскі нумар "АРХЭ", які пазнаёміць беларускіх чытачоў зь літаратурай таго неспакойнага, але цікавага і разнастайнага рэгіёну.
Парадаваў сваім выступам Ян Максімюк, які прачытаў пераклад украінскай пісьменьніцы Оксаны Забужко на... падляскую мову, якую я, падаецца, чула ўпершыню.
.jpeg)
Не асаблівы аматар публічных выступаў праскі паэт і пісьменьнік Макс Шчур усё ж выйшаў, каб прачытаць свае творы, а таксама пераклады вершаў Уладзіміра Някляева на чэскую мову. Ён нават расшчодрыўся і выканаў адну са сваіх даўніх песен "Вандроўнік Драздовіч", якая мне асабліва падабаецца. Што да Максавай творчасьці, то большасьць яго прачытаных вершаў была зьвязана з падзеямі Плошчы.
Адзін зь вершаў:
Каляды падпаўзьлі зьнянацку,
як здрада. Горад стаў пусты.
Дзе люд? На мітынгу? Па-наску
маўчаць каменныя ірты.
А дзесь бяглячка патаемна
хавае ад усіх свой страх,
нібы жанчына зь Віфлеема
зь дзіцём маленькім на руках.

Пасьля Макса Шчура свае новыя вершы прачытала перакладчыца і літаратарка, аўтарка кнігі “Цмокі лятуць на нераст” Марыйка Мартысевіч. Марыйка зачытала і свой пераклад на беларускую мову верша Іржы Сухага, які ў арыгінале агучыў Іржы Дзедэчак. (Беларуская версія мне нават больш спадабалася, чым чэскі арыгінал.) Нагадаю таксама, што дзякуючы Марыйцы беларусы могуць прачытаць такія чэскія творчы як “Зваўчэньне” Антаніна Байяя і “Неба пад Бэрлінам” Яраслава Рудзіша.

Сяргей Сматрычэнка ўжо даўно быў вядомы як выдатны багеміст і перакладчык з чэскай і славацкай моваў. Але атмасфера вечара была настолькі цёплай і інтымнай, што акрамя сваіх перакладаў на чэскую Віктара Жыбуля і Вальжыны Морт, а на беларускую Яхіма Топала і Магора (Івана Марціна Іроўса) Сяргей упершыню асьмеліўся і прачытаў свае вершы, сумныя, але вельмі кранальныя.

Іржы Дзедэчак - паэт і пісьменнік, старшыня чэскага Пэн-клюбу, быў адзіны выступоўца-чэх. Ён ня толькі прачытаў некалькі сваіх вершаў, але і зладзіў сапраўдны канцэрт. Асабліва запомнілася песенька пра тое, як zabili trafikantku za jednu stuyvesantku а таксама пра мужчыну, які меў tisíc žen. Для зацікаўленых раю паслухаць пару песень Дзедэчка тут.

Апошнім выступаў Андрэй Хадановіч, са сваімі вельмі дасьціпнымі вершамі ад якіх было сьмешна да сьлёз. Ён дакладна ня даў засумаваць публіцы. Пачаўшы зь вершаў, Андрэй плаўна перайшоў да музыкі, завяршыўшы выступ цудоўнай песьняй Лаенарда Коэна “Алілюя” (у сваім беларускім перакладзе).
.jpeg)
Вечар быў настольці цёплым і кранальным, што ўспаміны пра яго грэюць мяне дагэтуль. Дзякуй арганізатарам і ўсім прысутным за яго!
(c)Фота Сьвятаслаў Ліпень.
Больш фотаздымкаў у Фотаблогу.

Распавесці


Няма камэнтароў на "Літаратурны вечар ў Café Sladkovský".
Пакінуць новы камэнтар