Дзень студэнта

 

Шмат хто, напэўна, ведае, што 17 лістапада з'яўляецца дзяржаўным святам у Чэхіі, а таксама Міжнародным днём студэнта. Дарэчы будзе прыгадаць падзеі з гэтай датай зьвязаныя.

У сакавіку 1939 году тэрытарыяльна абкусаная яшчэ ў 1938г. Чэхаславакія зьнікла з мапы Эўропы. Славакія стала незалежнай краінай, а чэшскія землі ўвайшлі ў склад Трэцяга Райху як пратэктарат Багемія і Маравія.

28 кастрычніка ўгодкі ўзьніку Чэхаславацкай рэспублікі жыхары Прагі адзначылі ціхай дэманстрацыяй на Вацлаўскай плошчы. Пратэктаратныя ўлады дэманстрацыю сіламі паліцыі і частак СС разагналі. Падчас сутыкненьняў у цэнтры горада быў паранены куляй у жывот студэнт Медыцынскага факультэту Карлавага ўнівэрсітэту Ян Оплетал. 11 лістапада ён памёр. Улады хацелі каб цела забітага ціха перавезлі для пахаваньня ў ягоную родную вёску ў Маравію. Але 15 лістапада  труну ад шпіталю да вакзалу суправаджалі тысячы жыхароў Прагі.

 Развітаньне з Оплеталам стала дэманстрацыяй супраць пратэктаратняга рэжыму. Зноў адбыліся сутычкі з паліцыяй. На наступны дзень у Берліне было вырашана  пакараць чэшскае студэнцтва і правесьці тзв. "Sonderaktion Prag vom 17. November 1939".
Уначы на 17 лістапада ў Празе, Брне ды Пржыбраме адбыліся масавыя арышты студэнтаў і прафесараў. 9 чалавек затрыманых у Празе былі адразу ж расстраляныя. У наступныя дні 1200 студэнтаў былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лягеры, дзе іх трымалі да 1943 году. Усе чэшскія вышэйшыя навучальныя ўстановы былі зачыненыя.

 На гадавіну падзей ў Празе ў Лёндане на зьездзе Міжнароднай студэнцкай рады 17 лістапада было абвешчана міжнародным днём студэнта.

Але гэтая дата ў чэшскай гісторыі не нясе адзін толькі успамін пра пераслед свабоды. 17 лістапада 1989г. са студэнцкай маніфестацыі ў Празе на ўспамін 50-годьдзя  гэтых падзей пачалася "Аксамітная рэвалюцыя".