Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі
29-га сакавіка ў цэнтры Прагі, на Вацлаўскай плошчы, прайшла акцыя "Сто дзён за кратамі" у знак салідарнасьці з ўсімі асуджаннымі а абвінавачанымі пасьля Плошчы 19-га сьнежня, 2010 г.
Праскія беларусы, а таксама неабыякавыя украінцы і расейцы, сабрался ў гэты дзень на Вацлаўскай плошчы, каб зноў напомніць аб тых, хто зараз знаходзіцца ў турме КГБ, каго судзяць за удзел у мірнай акцыі пратэсту, і аб тых, хто ўжо атрымаў ад трох да чатырох гатоў турмы ні за што. Мэтай акцыі было прыцягнуць увагу мінакоў да той несправядлівасьці, якая зараз пануе ў Беларусі.
Сярод прысутных быў і былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які выступіў з кароткай прамовай і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб спыніць катаваньні ў беларускіх турмах.
Са словамі падтрымкі выступіла таксама і расейская журналістка "Новай газеты" Аксана Чэлышава, якая працавала разам з Ірынай Халіп.
Сярод цікаўных былі не толькі чэхі ці замежныя турысты, але і таксама беларусы, якія прыехалі ў Прагу на экскурсію. Так, да нас падыйшлі гарадзенскія школьнікі, якія пыталіся "А чаму вас не разганяе палітцыя?". Гэта дзеці, якія ўжо выраcтаюць з пачуцьцём падпарадкаванасьці. Яны ўжо зараз думаюць, што за выказваньне сваёй думкі, вас мусіць абавязкова разагнаць паліцыя. Асьцярожна і насьцярожана, яны бралі ад нас інфармацыю аб акцыі. Але гэта ня дзіва, калі іхныя настаўніцы, упэўненныя, што жыцьцё ў Беларусі добрае і цудоўнае - галоўнае заплюшчыць вочы на тое, як калечаць і саджаюць за краты самых сумленных і неабыякавых людзей Беларусі. Зрэз і разрэз беларускага грамадзтва на Вацлаўскай плошчы быў асабліва паказальны.
Падобныя акцыі салідарнасьці прайшлі таксама ў Варшаве і Лёндане. Апошняя была асабліва знакавай і прыцягнула шмат увагі, бо на ёй, у падтрымку Беларусі, выступілі міравыя зоркі кіно - Джуд Лоў і Кевін Спейсі. Як кажуць, нават Галівуд з намі.
Відэа з акцыі на Вацлаўскай плошчы:
Распавесці

